27 красавіка зноў судзяць Вольгу Брыцікаву

Автор:
Опубликовано:
27
Апрель
2022
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Витебская область


Кіраўніца незалежнага прафсаюзу на «Нафтане» ужо 2 месяцы знаходзіцца за кратамі: яна адбывае ўжо 4-ты арышт на 15 сутак. Сябры збіраліся сустракаць яе на волі 28 красавіка, аднак стала вядома, што Вольгу Брыцікаву чакае пяты суд запар. Што стала падставай для новай справы, пакуль не вядома.

Першы раз жанчыну затрымалі 27 лютага на ўчастку для галасавання падчас рэферэндуму. Яе абвінавацілі ў тым, што яна фатаграфавала бюлетэнь. Гэта было кваліфікавана як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Прысуд – 15 сутак арышту. Ужо за кратамі яе асудзілі другі раз, зноў за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне, а насамрэч – за надпіс «Не вайне» на куртцы. Наступным разам падставай для абвінавачання сталі паперкі з надпісамі «Не вайне» у вокнах яе кватэры. Нагодай для чацвёртага суду стаў пост «Не вайне» у Instagram.

Першыя тры арышты Вольга Брыцікава адбывала ў Вушацкім СІЗА, апошні – у Наваполацкім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Ціск на былую працаўніцу наваполацкага прадпрыемства «Нафтан» працягваецца з 2020-га году. Тады Вольга Брыцікава працавала начальнікам аддзелу рэалізацыі нафтапрадуктаў. Пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў яна стала актыўнай удзельніцай пратэстаў на прадпрыемстве. Калі на «Нафтане» адбываўся сход працоўных з удзелам тагачаснага кіраўніка Камітэту дзяржаўнага кантролю Івана Церцель (цяпер ён – старшыня КДБ), менавіта Брыцікава агучыла патрабаванні да ўладаў. У канцы 2020-га году Вольгу Брыцікаву звольнілі з прадпрыемства, у 2021-м годзе яна стала кіраўніком незалежнага прафсаюзу на «Нафтане». Пасля затрыманняў лідараў незалежных беларускіх прафсаюзаў аднадумцы вельмі турбуюцца за лёс жанчыны. Яны не выключаюць, што і Вольгу Брыцікаву могуць затрымаць ужо не па адміністрацыйнай, а па крымінальнай справе.

vitebskspring.org

 

Улады працягваюць прыслед прафсаюзнага лідэра з Новаполацка Вольгу Брыцікаву

Метки: , , ,
Комментарии: