«Было сумна і непераканаўча». Як прапагандуюць за ўдзел у рэферэндуме
Мяркуючы па актыўнасці прадстаўнікоў «уладнай вертыкалі» і дзяржаўных СМІ Віцебскай вобласці, намечаны на канец лютага рэферэндум па зменах у Канстытуцыю ўсё ж адбудзецца. Вынік рэферэндуму будзе залежыць ад даверу грамадзян да інстытуту галасавання і якасці агітацыі і прапаганды.
За няпоўныя два тыдні новага году чыноўнікі, ідэолагі, кіраўнікі прадпрыемстваў, дзяржаўныя агітатары і прапагандысты з мясцовых СМІ наведалі дзясяткі прадпрыемстваў і ўстаноў з мэтай пераканаць ці нават навязаць людзям разуменне неабходнасці зменаў Асноўнага закону краіны. Яны малююць цудоўную будучыню, якая наступіць адразу ж пасля таго, як гэтыя змены будуць прынятыя на рэферэндуме.
«Цяпер, пасля выбараў у 2020 годзе кіраўніка дзяржавы, на якіх былі сфальсіфікаваныя вынікі галасавання, у людзей няма даверу да прадстаўнікоў цяперашняга палітычнага класу. Таму «абалваніць» выбаршчыкаў агрэсіўнай агітацыяй і прапагандай будзе вельмі складана», — лічаць віцебскія праваабаронцы.
Неабходна адзначыць, што асаблівую актыўнасць праяўляе старшыня абласнога Савету дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Наконт рэферэндуму і зменаў у Канстытуцыі ён сустракаўся з прадстаўнікамі працоўных калектываў штодзень. Так, пасля сустрэчы Цярэнцьева 11 студзеня з педагагічным актывам Першамайскага раёну Віцебску адна з удзельніц выказала меркаванне аб тым, як прайшло мерапрыемства.
«Было сумна і непераканаўча. У мяне склалася ўражанне, што Уладзімір Уладзіміравіч так экспрэсіўна агітуе за прыняцце зменаў, бо ўпэўнены, што гэтыя змены паўплываюць на яго асабістую кар’ерную перспектыву і прынясе яму матэрыяльную выгаду. Я ж, просты настаўнік, ад змены Канстытуцыі нічога добрага не атрымаю і на галасаванне не пайду», — падзяліўся сваім меркаваннем адзін з педагогаў.
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!