Цёплыя ўспаміны пра Давіда Сімановіча. Уладзімір Папковіч, Людміла Хмяльніцкая і Міхаіл Шмерлінг пра сябра

да дня нараджэння паэта


26 чэрвеня 1932 года нарадзіўся паэт, літаратуразнаўца, перакладчык, культурны і грамадскі дзеяч Давід Сімановіч. На жаль, прайшло ўжо шэсць год з дня яго смерці, але Давід Рыгоравіч заўсёды жывы ва ўспамінах сваіх родных, шматлікіх сяброў і знаёмых.

Некалькі год таму паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч сабраў успаміны вядомых у Віцебску людзей – сяброў Давіда Сімановіча.

Сёння «Віцебскі кур’ер news» прыводзіць некаторыя з іх.

Уладзімір Папковіч і Давід Сімановіч.

Уладзімір Папковіч і Давід Сімановіч. Фота з архіва Уладзіміра Папковчіа

Уладзімір Папковіч пра Настаўніка, з якім заўсёды быў на «Вы»

З Давідам Рыгоравічам Уладзімір Антонавіч пазнаёміўся, калі прачытаў аб’яўку пра пасяджэнне абласнога літаб’яднання пры Віцебскім тэлебачанні, якім кіраваў Давід Сімановіч.

У горадзе членам Саюза пісьменнікаў быў, здаецца, адзін Давід Сімановіч з вялізным колам сяброўстваў і знаёмстваў у Беларусі і Савецкім Саюзе, нават і шырэй. Вакол яго і гуртавалася ўсё літаратурнае ды і культурнае жыццё, бо з тэлебачаннем былі звязаны ўсе.

Недзе з пачатку 70-ых Давід Рыгоравіч пачаў запрашаць мяне да ўдзелу ў выступленнях ў розных аўдыторыях ды ў працы семінараў маладых літаратараў вобласці.

Уладзімір Папковіч успамінаў, што з паэтам Анатолем Канапелькам яны лёгка перайшлі на «ты», бо працавалі, хоць і на розных кафедрах, але ў адным інстытуце (сёння ВДУ імя П.М. Машэрава). А з Давідам Сімановічам не атрымалася.

Ён не раз па-сяброўску прапаноўваў мне пераходзіць на «ты» і сам лёгка перайшоў, а я не мог. Аднойчы ў Оршы мы сядзелі ў гасцініцы і крышку выпівалі. Выпілі на брудэршафт і вырашылі, што цяпер ужо будзем назаўжды на «ты». Не атрымалася. На наступны дзень, цвярозы, я не змог пераступіць «мяжу». Мая душа не адважылася.

Сімановіч, Папковіч і Канапелька

Уладзімір Папковіч, Давід Сімановіч і Анатоль Канапелька. Здымак з прыватнага архіва Уладзіміра Папковіча

Уладзімір Папковіч прызнаваўся, што іх з Давідам Сімановічам яднала любоў да літаратуры.

Я разумеў, наколькі ён больш адукаваны за мяне, наколькі лепей ведае і класічную, і сучасную літаратуру, не толькі рускую і беларускую, але і замежную.

Мне здаецца, што другой бібліятэкі, роўнай ягонай, у горадзе не было. Я разумеў гэта, і мне імпанавала, што ён заўсёды падкрэсліваў, што мы – сябры. Па-сяброўску ён падпісваў мне кожную сваю кніжку, якія выходзілі ў той час.  Яны займаюць цяпер у мяне добрую палову паліцы ў кніжнай шафе.

Давід Сімановіч, па ўспамінах Уладзіміра Антонавіча, нагрузіў сябе мноствам дабраахвотных абавязкаў, стварыўшы Шагалаўскі камітэт, камітэт Уладзіміра Караткевіча, Пушкінскі камітэт. Ён падтрымліваў сяброўскія сувязі са шматлікімі мастакамі, музыкантамі, маладымі літаратарамі. Па яго ініцыятыве каля помнікаў Аляксандру Пушкіну і Уладзіміру Караткевічу праводзіліся паэтычныя імпрэзы ў іх дні нараджэння.

Быкаў, Барадулін і Сімановіч

З Васілём Быкавым і Рыгорам Барадуліным. З прыватнага архіву Іны Гузавай

Людміла Хмяльніцкая пра Давіда Сімановіча, Шагалаўскі камітэт і мемарыяльны пакой

Давід Рыгоравіч, як загадчык літаратурнай рэдацыі на абласной студыі тэлебачання, запрасіў Людмілу Хмяльніцкую рабіць перадачы на краязнаўчую тэматыку: пра гісторыю Віцебска, пра цікавыя мясціны горада і г.д.

Людміла Уладзіміраўна ўспамінала, што Сімановіч першыя вершы пра Шагала напісаў ужо на пачатку 1960-х гадоў, а з канца 1980-х актыўна змагаўся за вяртанне імя мастака ў Віцебск.

Сімановіч і Хмяльніцкая

Людміла Хмяльніцкая з Давідам Сімановічам. 2013 год. Здымак Святланы Васільевай

 Шагалаўскі камітэт Давід Рыгоравіч узначальваў ад часу яго стварэння ў 1990-м да самай сваёй смерці. Адразу заўважу, што Шагалаўскі камітэт быў створаны раней, чым Музей Шагала. І ў тую пару шмат менавіта ад камітэта залежала, у якім выглядзе і з якімі мэтамі будзе стварацца музей. У падмурак працы была пакладзена ідэя мемарыяльнага музея, а не выставачнай залы, у якой на той час не было яшчэ што паказваць з шагалаўскай творчай спадчыны.

Апроч таго, менавіта Давіду Рыгоравічу належыць ідэя правядзення ў Віцебску Шагалаўскіх чытанняў, і першыя некалькі гадоў іх арганізацыяй займаўся выключна ён сам.

Я пачала працаваць у музеі ў 1998 годзе і заўсёды знаходзіла ў яго асобе падтрымку ў цяжкую хвіліну, ён дапамагаў у новых пачынаннях, у размовах з кіраўніцтвам горада.

Людміла Уладзіміраўна адзначыла, што яшчэ пры жыцці частку сваёй бібліятэкі Давід Сімановіч перадаў музею. У фонды трапіла таксама частка і яго мастацкай калекцыі.

Пасля смерці Давіда Рыгоравіча некаторыя яго мемарыяльныя рэчы (паліцы з кніжкамі, знакаміты фатэль, у якім сядзелі Быкаў, Барадулін, Вазнясенскі, Еўтушэнка і іншыя вядомыя людзі, пісьмовы стол, пішучая машынка і г.д.) былі перавезены ў пакой у асобным будынку, які належыць музею. Меркавалася, што там будзе створаны нешта кшталту мемарыяльнага пакоя Сімановіча, дзе будуць адбывацца сустрэчы паэтаў, прыходзіць школьнікі, навучэнцы, знаёміцца з творчасцю і грамадскай дзейнасцю гэтага чалавека.

Сімановіч і шагалаўская прэмія

Сімановіч — лаўрэат Шагалаўскай прэміі. 1992 год. Фота Міхаіла Шмерлінга

Міхаіл Шмерлінг пра Давіда Сімановіча, Канстанціна Сіманава і пуцёўку ў вялікую літаратуру

Міхаіл Маркавіч пазнаёміўся з Давідам Сімановічам у 1965 годзе, калі праходзіў практыку ў абласной газеце «Віцебскі рабочы». Рэдактар даў яму заданне зрабіць фота Давіда Сімановіча, бо ў газеце ішоў матэрыял пра яго.

Паэт запрасіў Міхаіла Шмерлінга да сябе дадому.

Мне пашанцавала: я трапіў на сямейную ўрачыстасць – Дзень нараджэння дачкі Лены. Там я нарабіў шмат здымкаў: і Давіда Рыгоравіча, і Эмы Васільеўны, і Лены. З гэтага пачаліся нашыя добрыя адносіны, а неўзабаве Сімановіч запрасіў мяне супрацоўнічаць з абласной тэлестудыяй. І я пачаў працаваць там: рабіў застаўкі, здымаў краявіды, выконваў штодзённую працу.

У тыя гады тэлестудыя практыкавала частыя выезды на раёны для сустрэч з тэлегледачамі на месцах. У гэтым важную ролю сярод іншых супрацоўнікаў студыі адыгрываў Давід Сімановіч. Абавязкова наладжваўся паэтычны вечар, на які Давід Рыгоравіч прывозіў сяброў абласнога літаратурнага аб’яднання з Віцебска і запрашаў мясцовых паэтаў. Я рабіў на такіх сустрэчах дзясяткі фотаздымкаў.

Сімановіч і Шмерлінг

Давід Сімановіч з Вольгай Дарэнскіх і Міхаілам Шмерлінгам. З прыватнага архіву Іны Гузавай

Міхаіл Шмерлінг успамінаў, што ў 2013 годзе Саша Шыпікаў на сваёй машыне павёз паэта праз Магілёў на развітанне з малой радзімай, у Нароўлю. Па дарозе Давід Рыгоравіч папрасіў завярнуць на Буйніцкае поле, дзе рассыпаны попел Канстанціна Сіманава. Там у апошні раз ён схіліў галаву перад тым, хто даў яму першую пуцёўку ў вялікую літаратуру.

Калі Давід Сімановіч быў ужо зусім слабы, знаходзіўся ў хоспісе, ён папрасіў Іну Гузаву прынесці яму невялічкі зборнічак вершаў Канстанціна Сіманава з серыі, якую выпускала, здаецца, выдавецтва «Молодая гвардия». Ён перачытваў любімыя вершы свайго «хроснага бацькі».  Гэтую кніжачку паклалі ў яго труну.

10 не очень известных фактов про Марка Шагала и Витебск.

9 вельмі цікавых фактаў пра Уладзіміра Папковіча і «Віцебскі кур’ер».

Подписывайтесь на нас в: Яндекс. Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!