Дзяўчыну забралі з працы і пасадзілі на трое сутак за выяву герба “Пагоня”

Автор:
Опубликовано:
25
Апрель
2023
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Витебская область Политика


Як стала вядома, 11 красавіка суддзя суда Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці Андрэй Тарасевіч разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да Валерыі Васюковіч. Дзяўчыну, якая родам з Докшыц, судзілі па частцы 1 артыкула 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў).

Валерыю Васюковіч сілавікі забралі з банка, дзе яна працавала, і адвезлі ў пастарунак за тое, што яна ў сацыяльнай сетцы ў “Вконтакце” ў адкрытым доступе размясціла публікацыі з выявай сцяга бел-чырвона-белага колеру з сімвалам “Пагоня” ў выглядзе рыцара з мячом на кані.

На думку суддзі, яна быццам такім чынам правяла адзіночнае пікетаванне з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў без дазволу Докшыцкага райвыканкама.

Згодна з пастановай суда, з рапарта міліцыянта, які маніторыў сацыяльную сетку Валерыі і складаў на дзяўчыну пратакол, вынікае, што да ўсяго на яе старонцы было размешчанае ў свабодным доступе яшчэ і фота, на якім яна знаходзіцца ў кампаніі дзяўчыны і хлопца, пры гэтым хлопец трымае ў руцэ мабільны тэлефон у чахле, на якім намаляваны бел-чырвона-белы сцяг і сімволіка “Пагоня”. Гэта ёй таксама ставілі ў віну.

Дарэчы, выява герба “Пагоня” не ўключаная ў забаронены спіс, яна нават размешчаная на гербе Віцебскай вобласці і горада Лепеля. А людзей і далей міліцыянты разам з суддзямі прыцягваюць да адказнасці.

Падчас судовага пасяджэння Валерыя сваю віну не прызнала. Але суддзя Андрэй Тарасевіч палічыў яе вінаватай і прызначыў дзяўчыне трое сутак арышту, якія яна ўжо адбыла.

Пасля гэтых падзеяў, Валерыя Васюковіч усе свае сацыльныя сеткі ў інтэрнэце зрабіла закрытымі.

https://vkurier.news/navuko-cu-igara-bortnika-asudzili-yashche-na-15-sutak/

Метки: ,
Комментарии: