ДзяржСМІ спрабуюць выклікаць у чытачоў інтарэс да выбараў, пішучы пра «патэнцыйна цікавыя дуэлі»

Автор:
Опубликовано:
21
Февраль
2024
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Витебск Политика


Паводле гарадской газеты «Витьбичи», са 128 кандыдатаў у дэпутаты абласнога савета 108 чалавек з’яўляюцца кіраўнікамі або намеснікамі кіраўнікоў прадпрыемстваў. Газета спрабуе стварыць інтрыгу са спаборніцтва паміж «дырэктарам установы адукацыі і топ-менеджарам прадпрыемства рэальнага сектара эканомікі», або са «спарынгу паміж кіраўніком з гуманітарнай сферы і буйным чыноўнікам». Выбаршчыкі, як чакаюць у рэдакцыі, павінны паверыць у тое, што менавіта яны могуць паўплываць на канчатковы вынік «дуэляў» і «спарынгаў», аднак за апошнія дзесяцігоддзі людзі цвёрда пераканаліся ў тым, што ў дэпутаты» прапускаюць толькі правераных людзей, а ад «волевыяўлення народа» даўно нічога не залежыць.

Газета заўважыла ажно два інтрыгоўных сюжэты, якія меркавана, мусяць абудзіць інтарэс мясцовых жыхароў да ўдзелу ў выбарах.

Прыкладам, супернікамі па Ноўкінскай выбарчай акрузе з’яляюцца дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Віцебскім раёне Алена Волахава ( уладальніца гучнай пасады з мінімальным уплывам) і Ігар Ісачанка, былы дзейны дэпутат абласнога савета апошняга склікання, які мусіў пакінуць дэпутацкае крэсла ў сувязі з прызначэннем старшынём Аршанскага райвыканкама. Улетку яго змясцілі з гэтай пасады, і спадар Ісачанка зноў хоча трапіць у дэпутаты абласнога савета. Не цяжка здагадацца, на чым баку перавага – на баку чыноўнікі і дэпутата са стажам ці на баку дырэктаркі, раённага прадстаўніцтва Белдзяржстраха.

Газета заўважыла і яшчэ адзін падобны прыклад на Полаччыне, дзе па маладзёжнай выбарчай акрузе №32 балатуюцца старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў і дырэктарка ЦБС Наваполацка Марыя Караваева. Жанчына кіруе гарадскімі бібліятэкамі, а яе супернік – усім горадам. «Витьбичи» ўбачылі інтрыгу яшчэ і ў тым, што абодва кандыдаты – аднапартыйцы, сябры партыі «Белая Русь». Таксама ў артыкуле між радкоў чытаецца намек, што неўзабаве ў Наваполаку можа быць прызначаны новы кіраўнік: паводле Выбарчага кодэкса, старшыні гарвыканкамаў не маюць права адначасова быць дэпутатамі мясцовых саветаў.

«Паражэнне на выбарах нясе патэнцыйныя рызыкі для рэпутацыі», — піша газета. Тэарэтычна гэта так, але пры ўмове, што выбары сапраўды існуюць. Але ў Беларусі яны даўно заменныя чарговай кампаніяй «прызначэння зверху».

vitebskspring.org

На Віцебшчыне 31 чалавеку адмовілі ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты

Метки: ,
Комментарии: