Крадзеж можа пераўтварыцца ў справу пра «дыверсію» і «тэрарызм» на чыгунцы

Автор:
Опубликовано:
21
Март
2022
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Витебская область Политика


На Тэлеграм-канале «Міліцыя Віцебшчыны» выклалі «пакаяннае відэа» жыхара Воршы – супрацоўніка чыгункі, які прызнаецца ў тым, што скраў металічныя элементы цягі ручнога тормазу грузавога вагону. Яго затрымалі, калі на ўласным аўто ён нібыта вёз дахаты ўжо распілаваныя дэталі тармазнога механізму.

Паводле словаў аршанца, ён збіраўся выкарыстаць дэталі ў хатняй гаспадарцы. Аднак транспартная міліцыя пачала праверку затрыманага «на датычнасць да нядаўняга крадзяжу сігнальных трансфарматараў у Аршанскім раёне», што прывяло да няспраўнасці святлафора. І высвятляе «сапраўдныя матывы» злодзея, намагаючыся разгледзець у іх нешта больш сур’ёзнае, чымсьці банальны крадзеж.

Зрэшты, гэты выпадак праўладныя інтэрнэт-рэсурсы ўжо называюць «дыверсіяй», праводзячы паралелі з іншымі нядаўнімі здарэннямі на беларускай чыгунцы.

Так, у ноч на 17 сакавіка на станцыі Ворша-Цэнтральная з рэлейнай шафы невядомыя дэмантавалі і выкралі 6 сігнальных трансфарматараў тыпу СОС2-50. Праз гэта з 21.36 па 03.00 быў няспраўны выходны святлафор. Таксама выпадкі псавання стрэлак, рэлейных шафаў, рэек зафіксаваныя на Магілёўшчыне, Меншчыне і ў паўднёвых рэгіёнах Беларусі.

Затрыманых па падазрэнні ў гэтых учынках міліцыя называе «дыверсантамі» і вінаваціць у тым, што яны хацелі перашкодзіць руху цягнікоў з расейскай вайсковай тэхнікай у бок Украіны. Але часцяком пад затрыманні трапляюць людзі, якія насамрэч не рыхтавалі дыверсіяў і не нанеслі аніякай шкоды беларускай чыгунцы.

Прыкладам, на пачатку сакавіка быў затрыманы 49-гадовы віцебскі чыгуначнік. Паводле МУС, на пачатку 2022 году ён «увайшоў у склад экстрэмісцкага фармавання ByPol, аўтарызаваўшыся ў мабілізацыйным чат-боце для ўчынення супрацьпраўных дзеянняў у Беларусі». На гэтай падставе была распачатая крымінальная справа за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні з мэтай учынення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці».

viciebskspring.org

У Віцебскі абласны суд накіравалі чарговую крымінальную справу «за экстрэмізм»

Метки: , , ,
Комментарии: