«Многім так не пашанцавала». Вядомы гісторык пра першага ў свеце супрэматычнага архітэктара Лазара Хідэкеля з Віцебска


Вядомы гісторык  Аляксей Ластоўскі пракаментаваў у сваім Фейсбуку выставу Лазара Хідэкеля, якая  праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі:

Хідэкелю пашанцавала нарадзіцца ў правільны час у правільным месцы — а дзе яшчэ можна было вучыцца мастацтву ў Дабужынскага, Шагала, Лісіцкага і Малевіча? Столькі зорак сышліся разам у адзін час і адным месцы. Рэтраспектыўная выстава якраз дае вельмі добрае ўяўленне пра вучнёўскі перыяд у Віцебскім мастацкім вучылішчы, шмат ранніх малюнкаў і накідаў уздымаюць перад намі пласт навучання будучых супрэматыстаў. Калі меркаваць па гэтых матэрыялах, ад Шагала Хідэкель нічога не засвоіў, некалькі ранніх замалёвак Віцебска зроблены хутчэй у духу Сезана, з экспансіяй геаметрычных формаў, і напэўна тлумачацца ўплывамі Дабужынскага.

Але ясна, што самы важнае ўздзеянне на Хідэкеля зрабілі Эль Лісіцкі (у іх паралельная ідэя гарызантальнай архітэктуры) — і Малевіч (які пазней не пасаромеецца надрукаваць працу свайгр вучня ў Германіі пад сваім імём).

Мяне здзівіў такі добра захаваны архіў часу УНОВІС — ці гэта трэба было мець геніяльнае прадбачанне месца школы ў гісторыі мастацтва, ці гэта вынік таго, што Хідэкель напрыканцы свайго жыцця рыхтаваў уласную рэтраспектыву. А рэканструкцыя сваіх ранніх прац — гэта вось цалкам у духу Малевіча!

Але як да 100- гадовага юбілея заснавання школы — гэта самы шыкоўны падарунак, бо тут на лістах паперы квітнеюць супрэматычныя кампазіцыі, чорныя квадраты падвяргаюцца вівісекцыі, уздымаюцца да неба архітэктоны.

Толькі адным эскізам прадстаўлены наступны пасля Віцебска перыяд жыцця Хідэкеля, калі ён услед за сваім гуру Малевічам перабраўся працаваць на Маскоўскую парцалянавую фабрыку.

Але ўсё ж Хідэкель стаў архітэктарам — і адзіным прафесійным архітэктарам з кола УНОВІС. Яшчэ адзін тэматычны фокус выставы — гэта футурыстычныя праекты гарадоў новай эпохі, якія спалучаюць супрэматысцкія ідэалы з кіпучай энергіяй новага сацыяльнага ўяўлення. Тады ўсё падавалася магчымым — але палёт фантазіі Хідэкеля сягаў і за гэтыя межы. Каб адчуць масштабы гэтых праектаў, была зроблена рэканструкцыя з дапамогай віртуальнай рэальнасці — будзе магчымасць, паспрабуйце на выставе!

Але ў 1930-я гады Хідэкель вымушаны прыстасоўвацца пад каноны сталінскага неакласіцызму, хоць і ў план кінатэатра “Масква” ў Ленінградзе ён змяшчае крыж — цэнтральную фігуру супрэматызма. Пасля вайны Хідэкель займаецца пераважна выкладаннем, і толькі ў 1960-я гады, калі крыху пасвабаднела, ён зноў спрабуе вярнуцца да праектаў на аснове былых ідэй — на выставе можна ўбачыць праектныя эскізы музея Цыялкоўскага і тэатра ў Будапешце, але ўсё, эпоха мінула.

Зараз яго імя папулярызуе сям’я, архітэктурную прэмію заснавалі, зараз вось выстава арганізаваная выключна на аснове сямейнага архіву.

Многім так не пашанцавала.

В Витебске прошла невероятная ночь Supremшторм. Как это было.

Ивона Малевич приехала в Витебск на SUPREMШТОРМ_ночь.

Подписывайтесь на нас в: Яндекс. Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!