На Віцебшчыне аднаўляюць яшчэ адну савецкую традыцыю – закладанне капсул з лістамі да нашчадкаў

Автор:
Опубликовано:
22
Май
2023
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Витебская область Политика


Напісаць ліст да наступнікаў, які яны змогуць прачытаць гадоў праз 50, было даволі папулярным мерапрыемствам у 1950-70 гады. Ліст закладалі ў капсулу і замуроўвалі ў сцяну пад таблічкай, дзе пазначалі дату прачытання. Пра што маглі пісаць савецкія грамадзяне, у тым ліку школьнікі, звяртаючыся да сваіх равеснікаў праз дзясяткі гадоў? Вядома, пра перамогу камунізму: маўляў, мы зайздросцім вам, бо вы жывяце ў той час, пра які мы сёння толькі марым… Агучваць такія пасланні ў 21-м стагоддзі, пасля развалу СССР, было ўжо смешна і няёмка. Аднак старую савецкую завядзёнку вырашылі аднавіць сучасныя ідэаолагі. Пра што пішуць школьнікі, дый дарослыя людзі, цяпер, звяртаючыся да наступных пакаленняў?

«Аршанская газета» днямі паведаміла, што ў сцяну сярэдняй школы №20 заклалі капсулу з лістом да будучых вучняў, якія мусяць прачытаць яго 1 верасня 2062г. У той год аршанская школа мае адсвяткаваць 75-гадовы юбілей. І хаця тэксту ліста раённая газета не прыводзіць і не цытуе, з артыкула вынікае, што вучні-сучаснікі напісалі пра тое, якая добрая школа, дзе яны вучацца. І як яны спадзяюцца, што і праз 40 гадоў сярэдняя школа №20 будзе вучыць і выхоўваць таленавітых дзяцей.

У Наваполацку ідэю закласці капсулу з умовай адкрыць яе на 100-годдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне выказалі ўдзельнікі беларуска-расейскага праекту «Память великих побед». У прыватнасці, прадстаўнікі Адзінцоўскага раёну Маскоўскай вобласці. Ажыццявіць прапанову вырашылі наваполацкія прадстаўнікі моладзевага парламенту пры гарвыканкаме. Праз мясцовую «Новую газету» яны звярнуліся да ўсіх ахвотных, хто гатовы дапамагчы сабраць успаміны ветэранаў мінулай вайны. Менавіта іх хочуць закласці ў капсулу – «вялікі кораб, у які пакладуць лісты, аповеды з успамінамі пра вайну, дакументы на электронных носьбітах», піша наваполацкая газета. Усю гэтую калекцыю збіраюцца закласці 3 ліпеня на мемарыяле «Звезда» ў мікрараёне Баравуха. Адпаведна, распячатаць капсулу наступнікі маюць праз 22 гады — у 2045 годзе.

Беларусь нездарма называюць «запаведнікам Савецкага Саюзу». Замест таго, каб імкнуцца да чагосьці новага і крэатыўнага, беларускую моладзь выхоўваюць па састарэлых ідэалагічных шаблонах. Старыя, адпрацаваныя метады не вымагаюць наяўнасці фантазіі, затое выканаўцаў куды прасцей кантраляваць, а кантроль, у сваю чаргу, і з“яўляецца галоўнай мэтай сучасных беларускіх уладаў. І яны не задумваюцца пра тое, што праз якія 20 гадоў іхныя высілкі будуць выглядаць смешнымі і ненатуральнымі, а нашчадкі будуць мець усе падставы хіба што пашкадаваць нашых сучаснікаў за ўмовы існавання, прасякнутыя заімшэлым кансерватызмам у самых горшых ягоных праявах.

https://vkurier.news/gubernatar-psko-skaj-voblasci-zayavi-ab-rezkim-pavelichenni-kolkasci-merapryemstva-z-udzelam-belaruskaj-moladzi/

Метки: ,
Комментарии: