Навапалачаніна Руслана Слуцкага асудзілі на 11 гадоў калоніі
20 студзеня суд Полацку і Полацкага раёну прысудзіў 38-гадовага Руслана Слуцкага да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Мужчына прызнаны вінаватым у акце тэрарызму (ч. 1 арт. 289 КК) і замаху на прывядзенне ў непрыдатнасць чыгуначных шляхоў зносін (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК). Суд цягнуўся больш за месяц, бо пацярпелымі ў справе праходзіла каля 70 чалавек.
Рашэнне аб пакаранні Руслана Слуцкага прымаў суддзя Андрэй Дзергачоў. Ён падтрымаў прапанову пракуроркі Таццяны Шабекі, якая раней запатрабавала Руслану 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Актам тэрарызму следства палічыла раскіданыя на дарозе не менш за 12 самаробных «вожыкаў» і металічных шыпоў перад праездам удзельнікаў аўтапрабегу «За адзіную Беларусь». У выніку былі праколатыя шыны чатырох аўтамабіляў. Агулам пацярпелымі ў справе прызнаныя больш за 70 грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў аўтапрабегу.
Руслан Слуцкі прызнаў віну часткова.
Апроч таго, Слуцкага вінавацілі ў тым, што ў ноч з 27 па 28 кастрычніка 2020 году, «дзейнічаючы наўмысна з прычын палітычнай варожасці», знаходзячыся ў Полацкім раёне на 647-м кіламетры чыгуначнага пуці «замацаваў нарыхтаваны ім фрагмент металічнага дроту, замацаваўшы за клемы рэек чыгуначнага пуці і прывёўшы ў непрыгоднасць сістэму аўтаматычнага блакавання руху». Прычым, па версіі следства, ён «не давёў свой злачынны намер да канца з не залежных ад яго прычын».
Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў судзе вышэйшай інстанцыі.
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!