Паэтку і выкладчыцу ВДУ імя П. М. Машэрава Вольгу Русілку ўзнагародзілі нагрудным знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру»

Автор:
Опубликовано:
9
Март
2020
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Витебск Культура


Вольга Русілка — аўтар многіх кніг паэзіі і каля 150 навукова-метадычных і літаратуразнаўчых публікацый. Лаўрэат літаратурных прэмій імя Уладзіміра Караткевіча і Петруся Броўкі Віцебскага аблвыканкама.

Галоўныя тэмы творчасці Вольгі Русілкі – чалавек і свет, роднае слова, каханне, любоў да роднай зямлі, блізкіх людзей. Яе вершам, як зазначаў у свой час паэт Анатоль Канапелька, «характэрныя эмацыянальнасць, глыбіня роздуму над жыццёвымі праявамі і калізіямі, дасканаласць радка, уменне афарыстычна і разам з тым узважана-рацыянальна карыстацца моўнымі сродкамі», пішуць «Віцебскія весці».

Да мяне прытулілася Слова,
Як дзіця да спагаднай рукі.
Чым давер апраўдаю такі?

Фота Пятра ЧЫМКОЎСКАГА

З улікам зробленага для беларускага прыгожага пісьменства і яго прапаганды Вольгай Русілкай яе прозвішча, як жартуюць віцебскія сябры-паэты, трэба ўдакладніць: «Беларусілка!».

Сёлета спаўняецца 40 гадоў, як Вольга Іванаўна выкладае беларускую літаратуру. А 25 гадоў гэты прадмет васьмікласнікі вывучаюць па створаным ёй у сааўтарстве з Інай Слесаравай і Міхаілам Лазаруком падручніку «Беларуская літаратура. 8 клас». Летась па ім вучылася і дачка Вольгі Іванаўны.

Зараз яе асноўны прафесійны клопат звязаны з народным літаратурным музеем ВДУ імя П. Машэрава, дзе сабрана ўсё, што датычыцца пісьменніцкай творчасці на Віцебшчыне. У абласным цэнтры адзін такі музей. Тут праводзяцца шмат экскурсій для школьнікаў, студэнтаў, замежных дэлегацый, творчыя сустрэчы, іншыя цікавыя мерапрыемствы. Зараз аформлена выстава, прысвечаная 75-годдзю Перамогі.

Паэтку часта запрашаюць выступаць перад чытачамі. Нядаўна ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы з вучнямі СШ №3 удзельнічала ў вечарыне, прысвечанай 85-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Уважліва сочаць за творчым шляхам Вольгі Русілкі яе землякі. У ліку аўтараў зборніка «Рэха сустрэчы», складзенага з твораў паэтаў яе роднай Шчучыншчыны, ёсць дзве Русілкі: Любоў і Вольга – маці з дачкой. Справа ў тым, што па кудзелі, гэта значыць па жаночай лініі, Вольга Іванаўна – патомны педагог і паэтка. У матчынай творчай скарбонцы – зборнікі «Пад сонцам», «Алея Элізы. Паводле мемуараў Элізы Ажэшкі», публікацыі ў рэспубліканскіх літаратурных часопісах.

У свае 79 гадоў яна – малайчына, «думае вершы», прысылае мне пачытаць, друкуецца. Бачу, што і паэзія, спадчынная справа ў нашай сям’і, дапамагла маме ўстаць на ногі пасля цяжкай хваробы. Мы атрымалі запрашэнне ўдзельнічаць у чарговым калектыўным зборніку паэтаў-землякоў, – расказвае Вольга Іванаўна. – Я таксама не магу не пісаць, бо паэзія для мяне і прафесія, і спосаб мыслення. Дае сілы, здымае з душы жыццёвы негатыў – адчуваю яе ачышчальны эфект. Назбіралася даволі вершаў на новую ўласную кнігу, трэба шукаць магчымасці яе выдаць. Вельмі хочацца зрабіць яшчэ нешта вартае для беларускай літаратуры.

Метки:
Комментарии: