Памёр ксёндз Леанід Мозгель, які ўсё жыццё служыў на Віцебшчыне
12 лістапада ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках (Шчучынскі дэканат) адбылося пахаванне ксяндза Леаніда Мозгеля, які паходзіў з гэтай парафіі, і яго маці Станіславы.
Ксёндз Леанід, які ў апошні час больш за год быў пробашчам парафіі Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне ў Віцебскай дыяцэзіі, адышоў у вечнасць 9 лістапада, днём раней памерла яго маці Станіслава Мозгель.
Усё сваё святарскае жыццё ён служыў на Віцебшчыне: у Ветрыне, Фарынаве, Блізніцы, Бягомлі, Павяцці, Ідолце і Дзеркаўшчыне, паведамляе Катэдральная парафія «Езуса Міласэрнага» Вiцебска.
Пахавальную Імшу ў інтэнцыі спачылага святара і яго мамы ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, яе канцэлебравалі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і святары.
З Віцебскай дыяцэзіі прысутнічалі кс. Кан. Валерый Орсік (пробашч катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску), а таксама кс. Андрэй Таўрук (пробашч парафіі св. Язафата Кунцэвіча ў Канстанцінаве).
На малітве сабраліся вернікі мясцовай парафіі, якія ведалі ксяндза Леаніда і яго маці.
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!