Рэдкі выпадак: школе ў Мёрскім раёне надалі імя беларускага дзеяча культуры

Автор:
Опубликовано:
3
Март
2023
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Авторы Витебская область Культура


Сярэдняя школа ў вёсцы Новы Пагост цяпер носіць імя славутага земляка – музыказнаўцы-фалькларыста, этнографа і харавога дырыжора, народнага артыста СССР Генадзя Цітовіча. Такое ў апошнія гады насамрэч здараецца вельмі рэдка – калі ўстанове адукацыі надаюць імя дзеяча культуры, а не вайскоўца або партызана часоў мінулай вайны… Вёска Новы Пагост падчас нараджэння вядомага музыказнаўцы адносілася да Дзісненскага павета Віленскай губерніі. Зрэшты, даследчыкі ягонага жыцця і творчасці маюць звесткі, што афіцыйная інфармацыя пра дату і месца нараджэння Генадзя Цітовіча непраўдзівая.

Цітовіч

Гісторыя сям’і Цітовічаў

Дзедам Генадзя Цітовіча быў прыгонны селянін Фадзей Цітовіч, які разам з жонкай Еўфрасінняй і шасцю дзецьмі жыў у засценку Рэчкі цяперашняга Шаркаўшчынскага раёну. Фадзей Цітовіч вырашыў, што на зямлі застануцца працаваць два старэйшыя сыны, Сымон і Юстын, а два малодшыя знойдуць сабе іншую справу. Так і здарылася: Мікалай вывучыўся на ваеннага фельчара. А самы малодшы сын Іван стаў настаўнікам. Яго размеркавалі на працу ў вёску Вішнёва (цяпер гэта Вішнева Смаргонскага раёну Гродзенскай вобласці). Ажаніўся ён таксама з настаўніцай, Сусанай Рыгораўнай Чукінай, якая працавала ў вёсцы Замошша (цяпер Браслаўскага раёну). Калі ў іх нарадзіўся сын Генадзь, і дзіця трэба было ахрысціць, дзед Фадзей звярнуўся да святара, які служыў у вёсцы Новы Пагост. Той пахрысціў немаўля, але не запісаў адразу ў метрычную кнігу. Спахапіўся толькі праз тыдзень, таму ў царкоўным запісе ў хлопчыка з’явілася іншая дата нараджэння. А таксама і месца з’яўлення на свет: святар «прыпісаў» немаўля да вёскі Новы Пагост.
Калі пачалася Першая Сусветная вайна, каб не аказацца ў акупацыі, сям’я будучага музыказнаўцы выправілася на ўсход. За гэты час Іван Цітовіч скончыў ваеннае вучылішча ў Чугуеве і атрымаў прызначэнне ў Яраслаўль. Сюды прыехала і жонка з малым Генадзем. Потым сям’я жыла ў Вятцы, у Арлове. Калі дачакаліся вызвалення родных мясцін, зноў пераехалі да дзеда ў Рэчкі.

Бацька, Іван Цітовіч, вырашыў памяняць прафесію: былы настаўнік здаў іспыты за поўны курс праваслаўнай духоўнай семінарыі. З 1920 г. ён служыў у царкве ў Новым Пагосце, потым у Шкунціках (Шаркаўшчынскага раёну), у Рымках (Пастаўскага раёну), і завяршыў сваю службу ў Лужках (Шаркаўшчынскага раёну). Там ён і пахаваны на мясцовых могілках.

Рэлігія, прыродазнаўства і музыка, якая перамагла

Восенню 1924 года Генадзь Цітовіч разам з бацькам прыехаў у Вільню, каб атрымаць адукацыю. Ён паступіў у Віленскую праваслаўную духоўную семінарыю, дзе любімымі заняткамі адразу ж сталі ўдзел у аркестры і хоры, а таксама прыродазнаўства.
Захапленне гэтым прадметам аказалася настолькі моцным, што пасля заканчэння семінарыі Генадзь стаў студэнтам прыродазнаўчага матэматычнага факультэту Віленскага ўніверсітэту. Там ён працягваў займацца музыкай – спяваў у розных хорах, разам з сябрамі стварыў квартэт «Баян», а потым стварыў хор і на сваім факультэце, а з часам пачаў ім кіраваць. Яго зацікавіў і тэорыя музыкі: Генадзь Цітовіч пачаў вывучаць беларускі фальклор, у прыватнасці, асаблівасці пабудовы народных песень.

У 1934 годзе Генадзь Цітовіч, працягваючы навучанне ва ўніверсітэце, паступіў у Віленскую кансерваторыю. Наадварот: калі скончыў факультэт прыродазнаўства, то паступіў яшчэ й на факультэт гуманітарных навук. А ўлетку, падчас канікулаў, збіраў узоры народнай творчасці на малой радзіме – на памежжы Мёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў.

Цітовіч1

Шлях да творчасці цераз нягоды

Перад Вялікай Айчыннай вайной Цітовіч памяняў шмат заняткаў, і часам быў вымушаны займацца працай, далёкай ад музыкі. У гэты час ён ажаніўся, у сям’і нарадзілася першая дачка. Калі Беларусь была вызвалена ад нямецкіх акупантаў, Цітовічы вырашылі пасяліцца ў Баранавічах. Генадзь Іванавіч працаваў рэдактарам на радыё, быў кансультантам у доме народнай творчасці.
У 1951 г. яго запрашаюць пераехаць у Мінск і прыступіць да выканання абавязкаў старшага метадыста Рэспубліканскага Дома народнай творчасці.
Праз год Цітовіча чакаў новы паварот у жыцці. У самым пачатку 1952 г. быў заснаваны Дзяржаўны акадэмічны народны хор БССР і кіраўніком яго прызначылі Г. І. Цітовіча. Калектыў удзельнічаў у розных мастацкіх конкурсах, аб’ездзіў усю Беларусь і пабываў за мяжою. Генадзь Іванавіч асабіста шукаў матэрыял для папаўнення рэпертуару: вандраваць па ўсёй рэспубліцы ў пошуках народных песень.

Праз 10 год ён стварыў яшчэ адзін цудоўны калектыў – жаночы вакальны квартэт «Купалінка». За перамогу на міжнародным фестывалі ў Балгарыі квартэт атрымаў Вялікі залаты медаль. У 1968 годзе Генадзю Іванавічу Цітовічу прысвоена званне «Народны артыст Савецкага Саюзу».

У 1974–1975 гадах Г.І. Цітовіч працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. Ён працягваў вывучаць беларускую музыку, якой прысвяціў мноства сур’ёзных даследаванняў. Ягоныя навуковыя артыкулы публікаваліся не толькі ў Беларусі – яны выходзілі і за мяжой. Да слова, Генадзь Іванавіч не толькі выдатна і з любоўю размаўляў па-беларуску, але добра выдатна валодаў латышскай, літоўскай, польскай, украінскай, балгарскай і рускай мовамі.

Сцежкі памяці

Падчас фальклорных экспедыцый Генадзь Цітовіч запісаў больш за 3 тысячы беларускіх, рускіх, украінскіх, польскіх, балгарскіх, літоўскіх, латышскіх народных песень, танцаў, інструментальных найгрышаў. Зрабіў для хору шмат канцэртных апрацовак уласных запісаў. Даследаваў міжславянскія і славяна-балцкія народна-песенныя сувязі, гістарычнае развіццё беларускай народнай музыкі, беларускае народнае шматгалоссе, традыцыйны і сучасны фальклор у музычным побыце вёскі. Быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (тройчы), медалямі.
Памёр Генадзь Іванавіч 20 чэрвеня 1986 г., і ў памяць пра яго на доме №9 па вул.Казлова, дзе ён жыў у Мінску, была ўсталявана мемарыяльная шыльда. У 1987 годзе Дзяржаўнаму акадэмічнаму хору Беларусі нададзена імя Г. І. Цітовіча. З 1989 года вуліца Жданава ў горадзе Ляхавічы была перайменавана ў імя вуліцу Цітовіча.

У 1992 годзе ў вёсцы Новы Пагост у мясцовай школе стварылі музей славутага земляка. Цяпер гэтая школа носіць імя Генадзя Цітовіча, пра што сведчыць навюткая мемарыяльная шыльда на будынку. У цырымоніі адкрыцця ўзялі ўдзел дачка знакамітага музыкі-этнографа Святлана Цітовіч, а таксама кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, былы выпускнік школы, якая цяпер носіць імя славутага дзеяча беларускай культуры.

https://vkurier.news/na-73-m-godu-ushel-iz-zhizni-izvestnyj-belorusskij-dramaturg-aleksej-dudarev/

Метки: ,
Комментарии: