«Слово офицера». Спецпраект раённай газеты для дэзінфармацыі жыхароў Расоншчыны

Автор:
Опубликовано:
9
Апрель
2023
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Витебская область Политика



Мясцовая газета распачала на сваіх старонках так званую «дыялогавую пляцоўку» пад назовам «Слово офицера», але не для дыялогу з чытачамі, а для маналогаў чатырох жыхароў рэгіёну, якія маюць вайсковыя званні. Гэта падпалкоўнік у адстаўцы Грыгорый Русіновіч кіраўнік раённай арганізацыі ГА «Белорусский союз офицеров», чалец гэтай арганізацыі, маёр Сяргей Дубкоў — былы супрацоўнік Расонскага РАУС, падпалкоўнік Віктар Вашчанка, які служыў у МУС СССР, і Уладзімір Сакалоў – маёр МУС Расейскай Федэрацыі. На думку рэдакцыі, яны «ведаюць крыху болей за шэраговага чалавека, уважліва сочаць за абстаноўкай у краіне і ў свеце і гатовыя абмяркоўваць важныя грамадска-палітычныя падзеі».

Першай тэмай для абмеркавання сталі падзеі ва Украіне

Як высветлілася, Грыгорый Русіновіч 10 гадоў служыў у Львове і яшчэ 5 гадоў жыў у гэтым горадзе, а ягоны сын жанаты на дзяўчыне са Львоўшчыны. Падпалкоўнік у адстаўцы прыгадвае, што яшчэ ў часы Савецкага Саюзу мясцовыя жыхары віталіся воклічам «Слава Украіне! Героям слава!» Паводле ягоных словаў, пасля руйнавання СССР усе «бандэраўцы» вярнуліся на радзіму з Амерыкі, Канады і Англіі і занялі дзяржаўныя пасады». Русіновіч кажа, што яшчэ ў 1989 г. быў папулярны лозунг «Украіна для ўкраінцаў», і гэткую пазіцыю ён лічыць непрымальнай.

Расеец Уладзімір Сакалоў таксама распавёў, што мае на Заходняй Украіне блізкіх сваякоў – там жыве ягоная дачка, якая перастала зносіцца з бацькам пасля расейскага нападу. Стасункі з дачкой дагэтуль не сталі блізкімі, папсаваліся і ўзаемаадносіны з былым сябрам-саслужыўцам. Але ва ўсім гэтым, на думку Сакалова, вінаватая прапаганда: «Я адзін дзень паглядзеў іхнае тэлебачанне і зразумеў, што праз месяц пачну думаць як яны, і ніхто мяне не пераканае».

Былы міліцыянт Сяргей Дубкоў дэманструе найбольшую нянавісць да суседзяў.
І паколькі не мае там ні радні, ні знаёмых, апелюе да плётак і ідэалагічных «страшылак»: «Украінская нацыя лічыцца самай прадажнай у свеце, і гэта не мае словы, а агульнавядомая інфармацыя. Можаце сабе ўявіць, што ва ўкраінскіх падручніках старшакласнікаў навучаюць страляць, ненавідзець рускіх».

«У 80 кіламетрах ад нас стаіць 300 тысяч узброеных да зубоў натаўцаў»

Яшчэ адна тэма, да якой ўвесь час вяртаюцца былыя вайскоўцы і міліцыянты – гэта пагроза вайны. Прычым пазіцыя суразмоўцаў не выглядае адназначнай. То яны хваляць Аляксандра Лукашэнку за тое, што не ўцягнуў Беларусь у вайсковыя дзеянні, і што цяперашняя роля Беларусі – выключна ўмацаванне ўласных рубяжоў. То палохаюць адно аднаго галаслоўнымі заявамі накшталт «палякі ўмацаваліся зброяй і барыкадамі», «у 80 кіламетрах ад нас стаіць 300 тысяч узброеных да зубоў натаўцаў», « Амерыка і іншыя дзяржавы сплаўляюць ва Украіну запасы састарэлай зброі, бо Расея для іх як костка ў горле», «Заходняя Еўропа проста ці ўскосна ваявала на баку Германіі супраць СССР, у іх гэта ў крыві», «Калі забудзем дарогу ў Хатынь, станем на адну прыступку з літоўцамі і палякамі».

Ёсць ва ўдзельнікаў праекту «раёнкі» і свае парады, якім чынам пазбегнуць уплыву «аматараў нанесці шкоду з Польшчы». Па-першае, быць пільнымі, бо «не ўсе яшчэ з“ехалі, засталіся «заканспіраваныя». Па-другое, скансалідавацца вакол Аляксандра Лукашэнкі, «каб тут не лёталі ракеты і на Беларусь не кідалі бомбы».

Аднак такога павароту падзей суразмоўцы не выключаюць, таму працягваюць сеяць паніку: маўляў, людзі «мусяць ведаць, дзе ў нас размешчаны бомбасховішчы», ім трэба казаць, «што ваюе НАТА, і мы мусім быць гатовыя да любога развіцця падзеяў». Яны вельмі шкадуюць, «што страчаны радыёкропкі, і трэба падумаць над іх аднаўленнем, каб спавяшчаць людзей» пра небяспеку,

Паказальна, што «Голас Расоншчыны» зусім не бянтэжыцца публікаваць абразлівыя і правакацыйныя выказванні, відавочна парушаючы заканадаўства, што забараняе распальванне міжнароднай і міжнацыянальнай варожасці і варажнечы. Падобных «перлаў» можна было б чакаць ад «кухонных палітыкаў» — не надта адукаваных і цвярозых людзей за пляшкай піва. Аднак «раёнка» друкуе гэта ў якасці меркаванняў дасведчаных экспертаў. І без магчымасці пазнаёміць чытачоў з альтэрнатыўнымі поглядамі.

viciebskspring.org

https://vkurier.news/galo-ny-ideolag-vicebshchyny-yak-maga-bolsh-lyudzej-ucyagnuc-u-nashyya-sheragi/

Метки: , ,
Комментарии: