Суд вызначыў кошт антываеннага верша з абразамі прэзідэнта выкладзенага ў Цік-Току
8 ліпеня суддзя суда Віцебскага раёна Ганна Ігнаценка разгледзела крымінальную справу Аляксея Вячэрняга, абвінавачанага ў абразе прэзідэнта ў рамках артыкула 368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Вынікам разгляду стаў прысуд, згодна якога, Вячэрні правядзе адзін год і дзевяць месяцаў у калоніі агульнага рэжыму.
Вячэрні – грамадзянін Беларусі, але украінец, які нарадзіўся ў Чаркаскай вобласці. Удзельнічаў у рэспубліканскіх фестывалях народнай творчасці ў Беларусі. Выхоўвае 16-гадовага сына.
Пасля пачатку абстрэлу Украіны з тэрыторыі Беларусі на эмацыйнай хвалі напісаў верш, запісаў яго на відэа і выклаў у Tik-Tok. У вершы прысутнічалі словы, якія абразілі прэзідэнта, прынізілі ягоныя гонар і годнасць.
Па матэрыялах абвінавачання Вячэрні 20 сакавіка 2022 года, знаходзячыся па месцы жыхарства ў аграгарадку Вымна Віцебскага раёна пры дапамозе мабільнага тэлефона ў сервісе Tik-Tok размясціў выраблены ім відэазапіс, у якім дапусціў у непрыстойнай і зняважлівай форме публічную абразу прэзідэнта. Старонка была прагледжаная не меней чым 244 разы.
Сваю віну ў судзе прызнаў цалкам.
Абвінавачанне запрасіла для Вячэрняга пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады.
Суд вырашыў зменшыць прапанаваны пракурорам тэрмін на тры месяцы і пакараў Аляксея Вячэрняга 21 месяц у калоніі агульнага рэжыму.
У працэсе не ўдзельнічаў абаронца падсуднага, бо ён адмовіўся ад паслуг адваката ў судовым працэсе.
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!