У наваполацкай калоніі №1 ціснуць на палітвязня Дзмітрыя Кубарава
Па інфармацыі праваабаронцаў, 26-гадовага мінчука Дзмітрыя Кубарава з 5 жніўня змясілі ў памяшканне камернага тыпу на шэсць месяцаў. У наваполацкай ПК №1 ён адбывае пакаранне, прысуджанае паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя масавых беспарадкаў) і арт. 295-3 Крымінальнага кодэксу (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў). Хлопец асуджаны да 8-мі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Прычым яго судзілі па «палітычных» справах двойчы.
Паводле матэрыялаў следства, з 9 па 11 жніўня 2020г. Дзмітрый Кубараў заклікаў людзей у інтэрнэце і афлайн да актыўнага ўдзелу ў масавых беспарадках. А таксама сам арганізоўваў масавыя беспарадкі і ўдзельнічаў у іх – «кідаў дошкі, палкі, піратэхнічныя вырабы, распыляў слезацечны газ, будаваў барыкады» і г.д. Акрамя таго, ён «меў намеры вырабіць «кактэйль Молатава».
11 жніўня 2020г. Дзмітрый быў жорстка затрыманы і дастаўлены ў СІЗА КДБ. У ноч з 11 на 12 жніўня там жа падпісаў яўку з павіннай. У яго кватэры правялі ператрус, пасля якога ў яго канфіскавалі рупар, медыкаменты, ваду, тэхніку (тэлефон, ноўтбук), каністры з растваральнікам і шкіпінар, які выкарыстоўваўся для рамонту кватэры. Першапачаткова справа супраць Кубарава была распачата па ч. 2 арт. 293 (Удзел у масавых беспарадках), аднак пазней абвінавачванне перакваліфікавалі на ч. 1 гэтага артыкула (Арганізацыя масавых беспарадкаў). На судзе Дзмітрый не хаваў таго, што браў удзел у пратэстных акцыях 10 і 11 жніўня 2020г., але не прызнаў сваю віну паводле высунутых супраць яго крымінальных артыкулаў і заявіў пра катаванні пасля затрымання.
24 сакавіка 2020г. хлопца асудзілі да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за арганізацыю масавых беспарадкаў. Але ўжо 27 верасня быў вынесены прысуд па яшчэ адной справе, распачатай супраць палітвязня: яго асудзілі на 3 гады калоніі за незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў (арт. 295-3 КК РБ), а менавіта за захоўванне ў кватэры сродку для вырабу «кактэйляў Молатава».
Агульны тэрмін пакарання для Кубарава склаў 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Да таго суд пастанавіў спагнаць з 45 181 рублёў 42 капейкі на карысць «Мінсктрансу», бо сваімі дзеяннямі палітвязень нібыта спыніў рух на 107 маршрутах грамадскага транспарту. А таксама з хлопца запатрабавалі выплаціць дзяржпошліну за зварот «Мінсктранса» у суд у памеры 2 259,07 рублёў.
https://vkurier.news/pravaabaroncy-prapanuyuc-padtrymac-palitvyaznya-dzmitryya-sushchyka-arshanskaj-kalonii/
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!