У Паставах прайшлі вобшукі і масавыя затрыманні сярод жыхароў горада
Вобшукі адбыліся прынамсі ў 11 чалавек. Траіх затрымалі, а аднаго з іх сілавікі звезлі ў Мінск. Нагодай для масавага пераследу жыхароў Паставаў мясцовыя называюць пратэсты 2020 года і крытыка кіраўніка раёна. Вядомыя імёны траіх затрыманых — гэта Юры Дзіковіч, Уладзімір Лашчотка і Сяргей Ляўко, якога губазікаўцы забралі ў Мінск.
Пра ператрусы і затрыманні стала вядома познім вечарам 24 лістапада, але сілавікі пачалі ўрывацца да людзей у чацвер ад самага ранку.
Юры Дзіковіч падчас пратэстаў 2020 году быў сярод актывістаў, якія намагаліся сустрэцца з кіраўніком Пастаўскага райвыканкама. У пачатку 2021 года ў Дзіковіча быў ператрус. Яго вінавацілі ў абразе міліцыянтаў. Яму быў забаронены выезд з Беларусі, але яму ўдалося выехаць у Еўропу, а нядаўна ён вярнуўся. Ператрусы адбыліся яшчэ ў васьмі чалавек.
Адзначаецца, што з людзьмі сілавікі абыходзіліся жорстка. Ці на волі яны, невядома. Родзічы ўстрымліваюцца гаварыць пра гэта і просяць не называць іх імёны.
Вобшукі былі і ў тых, хто з’ехаў з Беларусі, і ў тых, хто застаўся. Дапускаю, што дамы ператрэслі ў большай колькасці людзей. Родзічы пра тое проста не паведамляюць, бо баяцца, што стане яшчэ горш.
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!