У судзе Полацкага раёна ідзе працэс па «акце тэрарызму» ў дачыненні да ўдзельнікаў аўтапрабегу «За адзіную Беларусь»

Автор:
Опубликовано:
14
Декабрь
2021
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Витебская область Политика


14 снежня суд працягнуў разгляд крымінальнай справы па абвінавачванні Руслана Слуцкага ў замаху на прывядзенне ў непрыдатнасць чыгуначных шляхоў зносін (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК), а таксама акце тэрарызму (ч. 1 арт. 289 КК).

Справу разглядае суддзя Андрэй Дзергачоў і два народныя засядацелі, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Таццяна Шабека.

На лаве падсудных — 38-гадовы жыхар Наваполацка, рамеснік Руслан Слуцкі.

Ён быў затрыманы 20 студзеня, а 23 студзеня ў адносінах да яго абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Паводле версіі абвінавачвання, мужчына нанёс шкоду не менш як чатыром аўтамабілям, агульны памер шкоды склаў 63 рублі 51 капейка. Пацярпелымі па справе прызнаныя ўдзельнікі аўтапрабегу: Азаронак, Башкірцаў, Багдановіч, Гаўрош, Гацік, Войцік, Герашчанка, Гіль, Громаў, Громаў, Дзёміна, Святаслаўскі, Дудараў, Ягораў, Ягорава, Яськоў, Жызнеўскі, Зарубіцкі, Казак, Карась, Качан, Клімаў, Клыга, Кавалёва, Канавалава, Красоўскі, Кулага, Кулік, Латышкевіч, Лепановіч, Матур, Мяшукоў, Осіпава, Павярховіч, Пёрышкін, Раманоўскі, Семчанка, Сабалеўская, Сташэўская, Сцягашова, Троцкі, Фядотаў, Фелісаў, Хрыстафораў. Агулам пацярпелымі па справе прызнана больш за 70 грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў аўтапрабегу.

Руслан Слуцкі віну прызнаў часткова.

Пацярпелыя пакуль не заяўляюць пазовы аб спагнанні маральнай шкоды

13 снежня, у першы дзень, судовага разгляду па справе былі апытаныя 12 пацярпелых, ніводзін з якіх не заявіў пазоўныя патрабаванні аб спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды.

Пацярпелыя распавядалі, што арганізатарамі аўтапрабегу выступілі тры гарадскія структуры: «Белая Русь», «Федэрацыя прафсаюзаў» і БРСМ. Падчас руху ўдзельнікі аўтапрабегу абменьваліся інфармацыяй з дапамогай радыёстанцый і мабільнай сувязі. Інфармацыя пра аўтапрабег анансавалася як у працоўных калектывах, гэтак і ў сацыяльных сетках. Некаторыя пацярпелыя адзначалі, што аўтапрабег праводзіўся адразу пасля смерці Рамана Бандарэнкі, у сувязі з чым на месцы іх збору збіраліся людзі з бчб-сімволікай, а таксама журналісты.

На пытанне прадстаўніка дзяржаўнага абвінавачвання пра мэты аўтапрабегу адзін з пацярпелых растлумачыў свае дзеянні наступным чынам: «Быў час выказаць грамадзянскую пазіцыю, неспакойны час быў, грамадзянская пазіцыя за нашу Беларусь».

Пацярпелыя распавядалі суду, што ім стала вядома пра тое, што аўтамабілі, якія рухаліся першымі ў калоне, наехалі на шыпы ў сувязі з тым, што яны зменшылі хуткасць і спынілі рух транспартных сродкаў, прыпаркаваўшы іх справа на ўзбочыне. Першыя два аўтамабілі належалі мясцовым рэгіянальным СМІ, яшчэ адзін — аднаму з кіраўнікоў грамадскай арганізацыі «Патрыёты Беларусі».

Пракурорка цікавілася ў пацярпелых, якія маюць стаж кіравання аўтамабілем, пра магчымыя наступствы наезду машыны, што рухаецца на хуткасці 60-70 км/г, на раскіданыя шыпы і «вожыкі». Адзін з кіроўцаў адзначыў, што наступствы могуць быць розныя, можа змяніцца траекторыя руху аўтамабіля, у залежнасці ад гэтага магло адбыцца ўсё што заўгодна: з’езд у кювет, выезд на праезную частку з наступным дарожна-транспартным здарэннем. Некаторыя кіроўцы, спасылаючыся на шматгадовы стаж кіравання аўтамабілем, адзначалі, што «гэта справа выпадку, залежыць ад абстаноўкі і якасцяў кіроўцы, ягонага досведу».

На пытанне пра тое, якая рэакцыя ва ўдзельнікаў аўтапрабегу была на інфармацыю пра раскіданыя на іх дарозе «вожыкі», пацярпелыя нешматслоўна адказвалі, што некаторыя адчувалі злосць, наогул негатыўна ўспрынялі дадзеныя звесткі, хоць і чакалі перашкодаў у руху. Пацярпелыя адзначалі, што кіроўцы аўтамабіляў, якія былі пашкоджаныя ў выніку наезду на шыпы і «вожыкі», засталіся на ўзбочыне рамантаваць транспартныя сродкі; асноўная частка ўдзельнікаў аўтапрабегу працягнула рух. На ўдакладняльнае пытанне дзяржаўнай абвінаваўцы пра тое, ці не чулі пацярпелыя, каб хтосьці выказваў сумнеў, ці варта працягваць аўтапрабег, пацярпелыя адказвалі адмоўна.

Абарона абвінавачанага ўдакладняла ў пацярпелых, якія кіравалі транспартнымі сродкамі, ці можна было заўважыць раскіданыя «вожыкі» і шыпы на праезнай частцы. Кіроўцы тлумачылі, што зрабіць гэта было складана, бо гэтаму перашкаджалі пахмурнае надвор’е і колер металічных прадметаў, падобны да асфальтавага пакрыцця.

Судовы разгляд працягнецца 15 снежня, у судовае пасяджэнне выклікаюцца пацярпелыя.

Плануецца, што разгляд справы зойме не менш за два тыдні, піша vitebskspring.org.

От 14 до 18 лет лишения свободы получили шестеро политзаключённых, осуждённые по «делу Тихановского»

Метки: , ,
Комментарии: