У Віцебску пачаўся працэс у справе, распачатай за абразу суддзі Вікторыі Шабуні

Автор:
Опубликовано:
18
Ноябрь
2021
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Витебск Политика


У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 17 лістапада пачаўся судовы працэс над Андрэем Кузняцовым, у дачыненні якога распачалі крымінальную справу за знявагу менскай суддзі Вікторыі Шабуні (арт. 391 КК РБ). Калі мужчыну прызнаюць вінаватым, яму будзе пагражаць да трох гадоў абмежавання волі. На першае паседжанне ён не прыйшоў праз хваробу. Зняважаная суддзя Шабуня таксама не з’явілася.

Справу разбірае суддзя Ганна Тылец. На пачатку паседжання адвакат Андрэя Кузняцова заявіў хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы даведкі з Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру пульманалогіі і педыятрыі, паводле якой ягоны падабаронны ад 12 лістапада знаходзіцца там на стацыянарным лячэнні.

Суддзя далучыла дакумент да справы і разгледзела пытанне «аб магчымасці прадоўжыць разгляд справы без абвінавачанага Кузняцова і пацярпелай Шабуні». Старшая пракурорка аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласці Драгель заявіла, што «судовае следства без удзелу названых асоб не ўяўляецца магчымым».

Пасля невялікага перапынку суддзя пастанавіла «спыніць судаводства ў справе па абвінавачанні Кузняцова ў сувязі з хваробай абвінавачанага да ягонага выздараўлення». Меру стрымання для Андрэя Кузняцова пакінулі ранейшай. Ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Суддзя Вікторыя Шабуня зʼяўляецца адным з «лідараў» па вынясенні палітычных прысудаў. Журналісты назвалі яе «ўдарным малатком рэжыму». Прыкладам, у жніўні 2020 году яна асудзіла на 10 сутак арышту «дыджэяў перамен» Уладзіслава Сакалоўскага і Кірыла Галанава. Як палічылі журналісты «Еўрарадыё», толькі за чатыры месяцы, якія прайшлі пасля прэзідэнцкіх выбараў, яна адправіла за краты (па адміністрацыйных справах) удзельнікаў масавых мірных акцый агулам на 532 дні арышту.

Апроч таго, Вікторыя Шабуня вынесла прынамсі 12 абвінаваўчых палітычных прысудаў у крымінальных справах і адправіла ў калонію 9 чалавек. Сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Сяргея Канапца прысудзіла да пяці з паловай гадоў няволі. Яго прызналі вінаватым у перадачы інфармацыі ў чат-бот аб перамяшчэнні тэхнікі сілавікоў, піша vitebskspring.org.

За маляваны флэшмоб суд пакараў яго ўдзельніка штрафам

Метки: , ,
Комментарии: