9 вельмі цікавых фактаў пра Уладзіміра Папковіча і «Віцебскі кур’ер»

Автор:
Опубликовано:
26
Март
2020
Комментарии: 5 комментариев
Рубрики: Авторы Культура


Учора святкаваў свой 85-ы дзень нараджэння вядомы паэт, перакладчык, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзімір Папковіч.

Уладзімір Папковіч на прэзентацыі
Уладзімір Папковіч на прэзентацыі. Фота Сашы Май

Уладзімір Антонавіч – аўтар некалькіх кніг паэзіі, перакладчык мастацкіх твораў з нямецкай мовы на беларускую (Эрых Марыя Рэмарк «Тры таварышы», Ф. Шылер «Вільгельм Тэль», Рут Крафт «Востраў без маяка», вершаў нямецкіх рамантыкаў і інш.) і з беларускай на нямецкую (паэма Канстанціна Вераніцына «Тарас на Парнасе» і інш.).

Уладзімір Папковіч не толькі неаднаразова станавіўся героем публікацый «Віцебскага кур’ера», але і выступаў у ролі аўтара, расказваў пра сябе, культурнае жыццё ў Віцебску ў 70-80 гады мінулага стагоддзя, пра Давіда Сімановіча і інш.

Мы прапануем успомніць, што паэт расказваў нашым карэспандэнтам у розныя гады.

Уладзімір Папковіч і Ірына Саматой
Уладзімір Папковіч і Ірына Саматой. Фота Сашы Май

Пра паэзію

Першая кніга вершаў Уладзіміра Антонавіча носіць назву «На досвітку». Калі паэту было дзесьці сорак год, да яго прыйшоў ліст ад Рыгора Барадуліна з парадай: «Дасылайце вершы». Менавіта Рыгор Іванавіч адрэдагаваў зборнік, які выйшаў, калі Уладзіміру Папковічу было 43 гады.

Пра прозвішча

Я часта задумваўся, адкуль у нас такое прозвішча. Не ведаю, дзе гэта можна адшукаць. Але ж пішуць, калі быў чалавек у родзе – поп, то яго сын быў ужо «папок». Дык вось адсюль, быў сын, ці нашчадак меншы, і з гэтага «папок» атрымаўся Папковіч.

І я думаю, ці не быў недзе так далёка хто-небудзь з нашых продкаў свяшчэннікам?.. Праўда, далей дзеда я нікога не ведаю ў вёсцы, гэта ўсё сяляне былі, – расказаў паэт.

Уладзімір Папковіч і Іосіф Навумчык
Уладзімір Папковіч і Іосіф Навумчык. Фота Сашы Май

Пра выбар прафесіі

Нарадзіўся паэт у Вілейскім раёне ў сялянскай сям’і. Адзіны з вёскі атрымаў вышэйшую адукацыю. Хацеў стаць настаўнікам. З гэтай прафесіяй звязалі сваё жыццё дзве старэйшыя сястры і брат.

Калі я закончыў дзесяць класаў, то паехаў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на беларускае аддзяленне, хацеў стаць беларускім настаўнікам.. Кніжкі для меня былі – абы толькі схапіць!

Чытаць, чытаць і чытаць, нават спачатку нічога не разумеючы, але ўсё роўна была велізарная цяга. Пісьменнік для мяне быў тады як Бог, – успамінаў Уладзімір Антонавіч. –Калі я паступаў ва ўніверсітэт у 1953 годзе, а гэта той год, калі памёр Сталін, мы здавалі сем экзаменаў: пяць датычыліся да моўных, а таксама гісторыя і геаграфія. Здаў я гэтыя экзамены на тры «пяцёркі» і чатыры «чацвёркі». Але гэтага для паступлення не хапіла.

Уладзімір Антонавіч вырашыў у вёску не вяртацца, бо там яго чакала або служба ў арміі, або праца ў калгасе. Яму параілі паспрабаваць падаць дакументы ў Інстытут замежных моў. І, нягледзячы на траяк па беларускай мове на экзамене, Уладзімір Папковіч прайшоў па конкурсе, а ўжо праз семестр стаў выдатнікам і лепшым на факультэце.

Уладзімір Папковіч і Людміла Хмяльніцкая
Уладзімір Папковіч і Людміла Хмяльніцкая. Фота Сашы Май

З Мінска ў Віцебск

Пасля заканчэння ВНУ Уладзімір Антонавіч некаторы час працаваў у Мінску выкладчыкам нямецкай мовы, перакладчыкам, у 1966 годзе пераехаў у Віцебск.

Скажу шчыра: я залётны, – смяяўся аднойчы Уладзімір Антонавіч. – Хаця жыву ў Віцебску ўжо 50 гадоў. Напрыклад, я ніколі не ўжываю мясцовае слова «мальцы», яшчэ памятаю, як, калі прыехаў, здзівіўся, што тут могуць вымаўляць мяккае «р». Наогул, мне падабаюцца пісьменнікі, якія не забываюць, адкуль яны родам.

З 1982 года паэт працаваў у ВДУ імя П.М. Машэрава. Уладзімір Папковіч выхаваў не адно пакаленне студэнтаў, якія з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаюць куратарскія гадзіны, сумесныя паходы ў тэатры і музеі, падарожжы па цікавых мясцінах, у тым ліку ў Германію.

Уладзімір Папковіч на гістфаку ВДУ
Уладзімір Папковіч на гістфаку ВДУ. Фота Сашы Май

Знаёмства з Давідам Сімановічам

У кнізе-дзённіку Давіда Сімановіча «Витебский вокзал» (Мінск, 2006 год) ёсць запіс: «1972 23 марта. Обсуждение стихов В. Попковича и П. Ламана». Уладзімір Папковіч успомніў, што гэта першае ўпамінанне яго прозвішча ў  апублікаваных запісах Сімановіча.

Прыпамінаю, што недзе ў той самы час (я ўжо працаваў у тэхнікуме і быў з навучэнцамі на бульбе ў Глыбоцкім раёне) быў нейкім чынам запрошаны на тэлестудыю ў Віцебск. Мы з Пятром Ламанам прынялі ўдзел у тэлеперадачы, магчыма з ганарарам у Фонд міра. Гэта было маё «тэлехрышчэнне». Дзякуй Богу, яно не закончылася ў маю адсутнасць трагічна для навучэнцаў. Потым даведаўся, што яны ў тую ноч, калі я быў у Віцебску, паехалі з мясцовым шафёрам на грузавой машыне на танцы ў няблізкую вёску і па дарозе з’ехалі ў прыдарожны роў, – успамінаў паэт.

Уладзімір Папковіч з Васілём Быкавым
Уладзімір Папковіч з Васілём Быкавым. Фота з архіва Уладзіміра Папковіча

Цікава, што, па словах Уладзіміра Антонавіча, нягледзячы на тое, што яны з Давідам Сімановічам сябравалі, на «ты» яны так і не перашлі, хаця Давід Рыгоравіч гэта неаднаразова прапаноўваў.

Памятаю, як аднойчы пасля выступлення ў Оршы мы сядзелі ў гасцініцы і крышку «адпачывалі». Выпілі на брудэршафт і вырашылі, што цяпер ужо будзем назаўжды на «ты». Не атрымалася. На наступны дзень, цвярозы, я не змог пераступіць «мяжу», – прызнаваўся Уладзімір Папковіч.

Уладзімір Папковіч і Давід Сімановіч
Уладзімір Папковіч і Давід Сімановіч. Фота з архіва Уладзіміра Папковіча

Сувязі з Германіяй

Менавіта Уладзімір Антонавіч суправаджаў віцебскія дэлегацыі літаратараў, журналістаў, мастакоў у Германію.

Мая першая паездка ў Заходнюю Германію адбылася ў 1989 годзе. І гэта здарылася, я лічу, дзякуючы (хоць і ўскосна) Давіду Сімановічу, які праз частае запрашэнне на тэлебачанне зрабіў мяне знаёмым ў пэўных колах грамадства. Добра ведалі мяне ўжо і на студыі, і ў «Віцебскім рабочым», дзе я па запрашэнні рэдакцыі часта суправаджаў журналістаў і пісьменнікаў з ГДР, – распавядаў Уладзімір Папковіч. – І вось аднойчы да мяне завітаў старшыня абласнога камітэта па тэле- і радыёвяшчанню А. М. Сцепанец і спытаўся, ці гатовы я паехаць у Заходнюю Германію з групай ад Савецкага камітэту міру і дапамагаць там у якасці перакладчыка. Безумоўна, я пагадзіўся.

Уладзімір Папковіч і Давід Сімановіч у Германіі
Уладзімір Папковіч і Давід Сімановіч у Германіі. Фота з архіва Уладзіміра Папковіча

Уладзімір Антонавіч пазнаёміў Давіда Рыгоравіча з Вольфгангам Копфам, кіраўніком Арганізацыі міжнародных сустрэч з Нінбурга. У 2002 годзе ён дапамог выдаць на дзвюх мовах кнігу «Давид Симанович, Витебск Шагал Любовь. David Simanowitsch, Witebsk Chagall Liebe».

З падачы Уладзіміра Антонавіча за мяжу патрапілі і артысты тэтра «Лялька».

З «Лялькай» я адрэпеціраваў п’есу «Дапытлівы слонік», якую пераклаў на нямецкую мову і павёз у Нямеччыну. Я вёў перамовы з немцамі, распавядаў ім пра тэатр. Здаецца, мяне і акцёры палюбілі, мы сталі сябрамі. Яны ведалі, што нічога дрэннага я супраць іх не скажу. Я там абараняў іх інтарэсы, каб яны атрымалі нешта за сваю працу, – распавядаў Уладзімір Антонавіч.

А з пачатку 1990-х гадоў паэт і выкладчык пачаў вазіць у Германію студэнцкія групы.

Уладзімір Папковіч з артыстамі "Лялькі"
Уладзімір Папковіч з артыстамі «Лялькі». Фота Сашы Май

Пра Фелікса Гумена

Шмат гадоў доўжыцца сяброўства Уладзіміра Антонавіча і мастака Фелікса Гумена. Яны заўсёды падтрымлівалі адзін аднаго на творчых вечарынах, разам наведвалі імпрэзы і розныя культурныя падзеі ў Віцебску і за яго межамі. Пры гэтым Уладзімір Антонавіч ніколі не саромеўся прызнацца, што сам наогул не ўмее маляваць:

Мяне захапляе выяўленчае мастацтва, хаця сам я не ўмею намаляваць нават схематычнага «чалавечка». Мастацтва я больш успрымаю (ці не ўспрымаю) пачуццёва: закранула яно маю душу, ці не. Сяброўству з мастакамі паспрыяў мастацка-графічны факультэт ВДУ імя П.М. Машэрава, дзе мне калісьці нават давялося выкладаць нямецкую мову.

Уладзімір Папковіч з Феліксам Гуменам
Уладзімір Папковіч з Феліксам Гуменам. Фота Сашы Май

Пра сябе

Паэт заўсёды крытычна ставіцца да сябе. А калегі расказваюць, што ён ніколі нікога не крыўдзіў, не падманваў, не помсціў, нават, калі было за што. Сам Уладзімір Папковіч казаў:

Ніколі не было ў мяне гэтага ўнутранага задання адпомсціць. Я падстаўляю шчаку, ладна, няхай гэты чалавек да мяне добра не адносіцца, але ж калі так хочацца табе зрабіць мне дрэнна… А потым аказваецца, што, мусіць, усё ж такі ёсць Бог, ці нейкая сіла, якая мяне заўсёды ратавала.

Уладзімір Папковіч і Сяржук Маркаў
Уладзімір Папковіч і Сяржук Маркаў. Фота Сашы Май

Пра лёс

У прыватнай размове Уладзімір Антонавіч успомніў, як аднойчы размаўляў з перакладчыкам Васілём Сёмухам і той прапанаваў яму паваражыць.

Я дакладна не памятаю, як ён гаварыў, але ж сказаў, што ў мяне няма самаабароны супраць смерці. Гэта значыць, што я сам сабе не абараняю: як будзе, так будзе. Ён сказаў, што я неасцярожны, і гэта можа дрэнна скончыцца. Людзі майго характару доўга не жывуць, – расказваў Уладзімір Папковіч.

На шчасце Уладзімір Антонавіч пражыў ужо 85 гадоў і, мы спадзяемся, што пражыве яшчэ шмат. Уся рэдакцыя «Віцебскага кур’ера» шчыра віншуе паэта, сябра, цудоўнага Чалавека з юбілеем і зычыць самага галоўнага – здароўя.

Паэтку і выкладчыцу ВДУ імя П. М. Машэрава Вольгу Русілку ўзнагародзілі нагрудным знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».

Метки:
Комментарии: