Віцебская вобласць – трэцяя ў краіне па колькасці выпадкаў пераследу за нацыянальную сімволіку

Автор:
Опубликовано:
1
Май
2022
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Витебская область Политика


Бела-чырвона-белы сцяг зрабіўся галоўным сімвалам акцый пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году, сілавы гвалт за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі працягваецца і зараз. Па выніках 2021 году, у Менску за выкарыстанне сімволікі ў нацыянальных колерах былі асуджаны 139 чалавек, У Менскай вобласці – 51, у Віцебскай – 39, у Гомельскай -30, у Берасцейскай – 28, у Магілеўскай -11. Вынікі і асаблівасці судовых справаў прааналізаваў Беларускі ПЭН.

Паводле аналізу канкрэтных выпадкаў, падставамі для затрыманняў і пакаранняў былі:

— бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны на ўласным балконе або акне, накінуты на плечы падчас шэсця, вывешаны на калодзежы ўласнага хутара або на даху прыватнага дома;
-бела-чырвоная шыльда з назвай вуліцы і нумарам дома або бела-чырвоная секцыя плота на прыватным участку;
-выява вершніка на белым і чырвоным фоне, нанесеная на ўнутраны бок плота або фасад гаража;
-снегавік, злеплены ў двары дачнага дома і ўпрыгожаны чырвоным шалікам;
-флюгер на даху з выявай герба «Пагоня»;
-размяшчэнне ў інтэрнэце фотаздымка з бела-чырвона-белым сцягам з выявай герба гораду Лунінца, нацыянальнай сімволікай або фотаздымак з БЧБ-атрыбутыкай, знойдзены ў асабістай перапісцы або на флэшцы падчас вобшуку;
— дэкаратыўны гномік з БЧБ-сцяжком у руках на падаконні і папяровыя сэрцайкі бела-чырвонага колеру на акне;
— жалюзі або гірлянда на акне, фіранкі з беларускім арнаментам;
— белы плед з чырвонай паласой або ніжняя бялізна «паводле схемы БЧБ», што сохнуць на балконе, бела-чырвоная скрынка ад тэлевізара LG, размешчаная тамсама;
БЧБ-сцяжок у акне аўтамабіля або налепка з «Пагоняй» на бамперы, капоце;
-бела-чырвоная падсветка ў пад’ездзе жылога дома;
— адзенне чырвоных і белых колераў, чырвоныя красоўкі, значок з выявай герба «Пагоня» на заплечніку;
бела-чырвоныя кветкі ў руках або паветраныя шары;
-стужкі на плоце і чырвоныя сэрцайкі на дрэвах;
— БЧБ-малюнкі або надпісы на слупах, дрэвах, кіёсках або асфальце;
— белая папера фармату А4 з намаляванай паласой чырвонага колеру;
— «Жыве Беларусь!», напісанае на тратуары або выгукнутае з акна кватэры шматпавярховага дома etc.

Сярод 323-х выпадкаў (па ўсёй Беларусі) сустракаліся такія бязглуздыя і нават супрацьзаконныя абвінавачанні, як

«несанкцыянаванае пікетаванне шляхам БЧБ-налепкі на ровары з выявай трохгаловага дракона і надпісу «Цмок-Змагарыч»», за вывешаны сцяг Канады ці Японіі, парасон з надпісам «Polska» у руках пенсіянеркі на шпацыры, герб Латвіі на шкле задніх дзвярэй машыны і пафарбаваны ў бела-чырвонае франтон. Каралі за «пікетаванне шляхам малявання сэрцайка ў ліфце жылога дома» або за надпіс на балконе «Гэта не сцяг».

Жыхароў Віцебску таксама не абмінула хваля беспадстаўных рэпрэсій: штрафы за выкарыстанне сцяга Швейцарыі, за чырвоную палоску на белых шкарпэтках, за фіранкі белага і чырвонага колеру, за медычную маску з выявай усмешкі, не кажучы ўжо пра сцягі, вывешаныя на балконах патрыятычна настроенымі гараджанамі.

Усяго жыхары Беларусі, затрыманыя за выкарыстанне бела-чырвона-белых сімвалаў і варыяцый белага і чырвонага колераў у адзенні, малюнках, налепках і г. д., правялі ў 2021 годзе за кратамі як мінімум 2 589 сутак і былі аштрафаваныя ў суме на 53 000 еўра. Акрамя таго, падчас затрымання або ў перыяд утрымання пад вартай многія былі збіты, хтосьці прайшоў праз катаванні і/або прызнанне віны на відэакамеру, здабытае пад ціскам.

vitebskspring.org

Бел-чырвона-белы сцяг – на выставе пра генацыд беларускага народу

Метки: , ,
Комментарии: