Віцебскі «Чырвоны Крыж» заяўляе, што «гатовы аказаць дапамогу перасяленцам з Украіны»

Автор:
Опубликовано:
13
Март
2022
Комментарии: нет комментариев
Рубрики: Витебская область Политика



Паведамленні пра гэта перадрукавалі 12 раённых газет Віцебскай вобласці.  Але канкрэтыкі ў гэтай інфармацыі няма ніякай:  абласная арганізацыя Чырвонага Крыжа не падае звестак пра тое, колькі чалавек ужо звярнуліся па дапамогу, або якую колькасць пацярпелых ад вайны ва Украіне гэтая структура ўжо гатовая падтрымаць. Затое паведамляе банкаўскі рахунак, на які чакае ахвяраванняў.

Апрача грашовых пералічэнняў, абласны  «Чырвоны Крыж» абвясціў і «збор ахвяраванняў у натуральным выглядзе: прадукты харчавання, сродкі гігіены, адзенне і абутак». Але зноў-такі застаецца невядомым, якіх перасяленцаў чакаюць на Віцебшчыне – ці будуць гэта ў большасці мужчыны, жанчыны або дзеці, і для якой катэгорыі грамадзянаў бракуе пэўных, канкрэтных рэчаў. Дзіўным выглядае і тое, што рэчы і прадукты харчавання для перасяленцаў з Украіны  супрацоўнікі і валанцёры гатовыя прымаць у адзіным месцы на ўсю Віцебскую вобласць – у Віцебску, па адрасе гарадской арганізацыі Чырвонага Крыжа.

Няпэўнасць сітуацыі паказвае й тое, што раённыя газеты  пішуць пра  «меркаваных (рус. «предполагаемых») перасяленцаў». І толькі докшыцкая газета «Родныя вытокі»  без усялякіх сумневаў сцвярджае, што яны абавязкова «будуць прыбываць на тэрыторыю Віцебскай вобласці». Газета «Гарадоцкі веснік» наўпрост называе гэтых людзей «уцекачамі», што праўда, у раёне іх яшчэ не бачылі.

Калі звярнуцца да канкрэтных лічбаў, то хіба што агенцыя БЕЛТА паведаміла са спасылкай на Памежны камітэт, што з 26 лютага ў Беларусь прыбылі з Украіны 1515 чалавек, з якіх 842 – гэта грамадзяне  Беларусі, якія вярнуліся на радзіму,  450  грамадзян Украіны і 223 грамадзяніна іншых краін.  У якія рэгіёны  Беларусі скіраваліся людзі пасля перасячэння мяжы,  не канкрэтызавана. Прынамсі, ніводная з раённых газет Віцебскай вобласці дагэтуль не змясціла аповеды ці гісторыі людзей, якія пакінулі Украіну з надзеяй стала пасяліцца ў тутэйшым рэгіёне. Затое вядома, што больш за 2 мільёны ўцекачоў з Украіны абралі для пражывання краіны Еўразвязу.

vitebskspring.org

Семнадцатый день войны в Украине

Метки: , ,
Комментарии: