Віцябляніна Амаду Радрыгеса судзяць за тату «A.C.A.B» на назе: міліцыянты пакрыўдзіліся
У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 13 верасня пачаўся разбор адміністрацыйнай справа за распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Жыхару Віцебску Амаду Радрыгесу пагражае вялікі штраф або арышт усяго за за чатыры літары на лацінцы, вытатуяваныя на назе: «A.C.A.B». Абрэвіятура расшыфроўваецца як «all cops are bastards»…
Падчас «Славянскага базару» здымаў на тэлефон затрыманне
Справу Амаду Радрыгеса разглядае суддзя Ілля Белавус.
Жыхар Віцебску Амаду Радрыгес быў затрыманы ўвечары 16 ліпеня на плошчы Перамогі, недалёка ад міліцэйскіх брамак з металашукальнікам – у тыя дні ў горадзе адбываліся імпрэзы «Славянскага базару». Падыходзячы да брамкі, Амаду пабачыў, як супрацоўнікі АМАПу затрымлівалі чалавека, і пачаў здымаць гэты момант на тэлефон. Але да канца не атрымалася – Амаду таксама затрымалі. Як прызнаўся на судзе амапавец, які гэта рабіў, яму «паступіла паведамленне на рацыю затрымаць». У выніку супрацоўнікі МУС прымусілі Радрыгеса выдаліць з тэлефону відэазапіс. А потым, па словах абвінавачанага, міліцыянт убачыў на яго назе адну з літар татуіроўкі, якая віднелася з-пад шортаў, падняў уверх калашыну і прачытаў увесь надпіс. Так Радрыгес апынуўся ў Кастрычніцкім РАУС Віцебску.
На судзе ў якасці сведак выступалі ўчастковы і два амапаўцы з Гарадзенскай вобласці (праз «Скайп»), якія былі адкамандзіраваныя ў Віцебск падчас «Славянскага базару».
Участковы: Надпіс нясе негатыўны пасыл
Віцебскі ўчастковы ў затрыманні ўдзелу не браў, толькі складаў пратакол на Радрыгеса.
«На левай назе ў яго мелася татуіроўка «A.C.A.B». англійскімі літарамі. Першапачаткова супрацоўнікі падумалі, што там – нацысцкая сімволіка. Аднак у далейшым разгледзелі надпіс і даведаліся, што ён нясе ў сабе пасыл негатыўнага характару ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», – расказаў на судзе ўчастковы.
Насамрэч абрэвіятура расшыфроўваецца як «all cops are bastards», што ў перакладзе з ангельскай азначае «усе паліцэйскія – вырадкі». Чаму віцебскія міліцыянты атаясамілі сябе з амерыканскімі «копамі», сведка не патлумачыў.
Суддзя пастанавіў агледзець відэарэгістратары
Адзін з амапаўцаў наагул не змог успомніць, што стала прычынай затрымання, а другі пацвердзіў словы Радрыгеса аб тым, што яму сапраўды падымалі калашыну, каб прачытаць слова. Без гэтага тату на назе не была б бачная. А значыць, абвінавачанне ў распаўсюдзе экстрэмізму не мае падстаў, настойваў Радрыгес цягам усяго паседжання. Ён таксама хадайнічаў, каб у судзе былі агледжаныя запісы з відэарэгістратараў супрацоўнікаў міліцыі. Суддзя прыняў рашэнне зрабіць перапынак у працэсе і запатрабаваць дадзеныя відэа.
Адзначым, што арт. 19.11 КаАП, апроч штрафу ці арышту, прадугледжвае таксама «канфіскацыю прадмета адміністрацыйнага правапарушэння» піша viciebskspring.org.
Працэс працягнецца 15 верасня.
Затрымалі віцяблян, якія нібыта аблілі чырвонай фарбай «міліцэйскія» банеры
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!