За «экстрэмізм» і пікет у сацыяльнай сетцы ўлады пакаралі арыштам жыхарку Лепеля
Суддзя суда Лепельскага раёна Дзмітрый Васюк 23 кастрычніка за правядзенне несанкцыянаванага ўладамі пікетавання і распаўсюджванне «экстрэмізму» ў сацыяльнай сетцы пакараў у выглядзе адміністрацыйнага арышту тэрмінам на 11 сутак цырульніцу і адміністратара Евангельскай царквы 65-гадовую Вольгу Мадатаву.
У судзе быў агучаны пратакол мясцовага РАУС, у якім было напісана, што Вольга без дазволу кіраўніцтва Лепельскага райвыканкама правяла пікетаванне з мэтай выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў. Гэта выявілася ў тым, што яна на асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» была падпісаная на групу, на лагіне якой размешчана «пратэстная сімволіка» — бел-чырвона-белы сцяг і выява вершніка на кані з мячом і шчытом у руках.
Акрамя таго, там жа ў раздзеле «ўсе адзнакі «падабаецца» захоўвала з мэтай распаўсюджвання інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Суддзя Васюк палічыў, што матэрыяламі, якія паступілі з міліцыі, даказана віна і дачыненне да здзяйснення Мадатавай улічаных ёй правапарушэнняў.
І на падставе ч.1 арт.24.23 КаАП і ч.2 арт.19.11КаАП суддзя пакараў жанчыну на дзесяць сутак па кожным артыкуле. Шляхам частковага складання канчаткова вызначыў ёй спагнанне ў выглядзе арышту на тэрмін у 11 сутак.
https://vkurier.news/za-ekstremizm-ulady-aryshtavali-zhyxara-glybokaga/
Подписывайтесь на нас в: Яндекс, Дзен, Google Новости, Telegram-канал, «секретный» Telegram-чат!